Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля
Гісторыя Львоўскай правінцыі Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў
Меню сайту

Каляндар навінаў
«  Сакавік 2024  »
ПнАтСрЧцПтСбНд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Форма ўваходу

Пошук

Сябры сайту




Онлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0
Апошнія навіны
Вітаем Вас, Гость · RSS 19.03.2024, 11:19



РЭДЭМПТАРЫСТЫ ЛЬВОЎСКАЙ ПРАВІНЦЫІ :
УЧОРА І СЁННЯ


  1. Узнікненне Рэдэмптарыстаў Усходняга абраду і перадумовы заснавання іх супольнасці ва Ўкраіне

  2. Заснаванне і развіццё супольнасці Рэдэмптарыстаў ва Ўкраіне

  3. Перыяд пераследаванняў і падполля

  4. Львоўская Правінцыя сёння

  5. Уладкаванне Правінціі



1. Узнікненне Рэдэмптарыстаў Усходняга абраду і перадумовы заснавання іх супольнасці ва Ўкраіне

Рэдэмптарысты ўсходняга, візантыйскага абраду Ўкраінскай Грэка-каталіцкай Царквы абавязаныя сваім існаваннем нястомнаму бельгійскаму місіянеру а. Ахілю Дэлярэ, які ў 1906 годзе прыняў усходні абрад, каб працаваць сярод украінскіх эмігрантаў у Канадзе (пасля выезду з Украіны ў кан. ХІХ - пач. ХХ ст. яны доўгі час не мелі ніякай духоўнай апекі).

Мітрапаліт Андрэй ШаптыцкіУ 1910 годзе мітрапаліт Галічыны Андрэй Шаптыцкі прымаў удзел у Эўхарыстычным Кангрэсе, што адбываўся ў Манрэалі. Мітрапаліт выкарыстаў гэтую нагоду, каб ажыццявіць першую візітацыю ўкраінцаў грэка-каталікоў у Канадзе. Шаптыцкі наведаў украінскія селішчы, дзе працавалі а. Дэляр і яго субраты. Мітрапаліт быў здзіўлены іх самаахвяраваннем дзеля духоўна занядбаных украінцаў у Канадзе і вырашыў запрасіць бельгійскіх айцоў распачаць падобную місіянерскую працу і ў Заходняй Украіне (тады часткі Аўстра-Вугорскай імперыі). Па дарозе з Канады Андрэй Шаптыцкі наведаў протаігумена Бельгійскай правінцыі КНА і прапанаваў яму паслаць рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду да Заходняй Украіны. Пазней Мітрапаліт абгаварыў гэтае пытанне з архімандрытам КНА Патрыкам Муррэем. У траўні 1913 года ў Рыме адбылася нарада, дзе павінны былі прыняць канчатковае рашэнне, і 27-га траўня Мітрапаліт Шаптыцкі і Генеральны ўрад КНА падпісалі дамову аб заснаванні манастыра рэдэмптарыстаў у Галічыне. 11-га чэрвеня гэтую дамову зацвердзіла Апостальская сталіца.

уверх


2. Заснаванне і развіццё супольнасці Рэдэмптарыстаў ва Ўкраіне

а. Ёзэф Схрэйверс
21-га жніўня 1913 года да Заходняй Украіны прыбылі а. Ёзэф Схрайверс (настаяцель місіянерскай супольнасці) ды яшчэ 5 айцоў і 1 брат. Яны пасяліліся ў маленькай вёсцы Уніў, за 50 км ад сталіцы Заходняй Украіны горада Львова. Мітрапаліт Шаптыцкі падараваў ім у гэтай вёсцы сваю маёмасць са старым будынкам, які айцы ператварылі ў першы ўкраінскі манастыр рэдэмптарыстаў.
Спачатку асноўным заняткам рэдэмптарыстаў было вывучэнне ўкраінскай мовы і ментальнасці мясцовага насельніцтва, але ўжо праз некалькі месяцаў а. Схрэйверс, які вельмі хутка авалодаў украінскай, праводзіў рэкалекцыі для манахінь і стаў іх духоўным правадніком.


Падчас аўстрыйска-расейскай вайны айцы зведалі шмат уціскаў ад расейскіх грамадзянскіх і царкоўных уладаў, якія спрабавалі далучыць украінскае насельніцтва да Расейскага Праваслаўя. Рэдэмптарысты знаходзіліся ў той час у вельмі няпэўным становішчы: Бельгійская правінцыя не мела магчымасці аказваць дапамогу, а мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага арыштавалі і заслалі ў глыб Расеі. Айцы змаглі дыхнуць больш вольна толькі пасля таго, як увесну 1915 года аб'яднаныя аўстра-нямецкія войскі выгналі расейцаў.

Вярнуўшыся з высылкі Мітрапаліт прыклаў усе намаганні для далейшага развіцця маладой супольнасці. У 1918 годзе ён купіў для рэдэмптарыстаў зямлю і будынак у Збоісках, а пазней яшчэ два будынкі на Галоска (1923) і ў Львове (1937). Дзякуючы хадайніцтвам Шаптыцкага рэдэмптарысты атрымалі царкву ў Тарнопалі, якая стала месцам шматлікіх паломніцтваў.

На просьбу ўладыкі Рыгора Хамішына ў 1920 годзе айцы заснавалі яшчэ адзін манастыр у Станіслававе.Спачатку яны толькі абслугоўвалі парафію, але пасля купілі будынак і пабудавалі ўласную капліцу ў цэнтры горада. Гэты будынак стаў важным асяродкам місіянерскай дзейнасці і рэзідэнцыяй Архібрацтва Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якое ў 1938 годзе налічала каля 100 тыс. чальцоў.

Поле дзейнасці рэдэмптарыстаў ва Ўкраіне не абмяжоўвалася тэрыторыяй Галіцкай мітраполіі. 19 кастрычніка 1926 года айцы заснавалі станіцу ў Кастопалі на Валыні. Адтуль яны выходзілі да розных месцаў Валынскага краю, каб аказваць верным духоўную апеку, праводзіць рэкалекцыі і засноўваць новыя парафіі. У 1927 годзе станіцу перанеслі ў Ковель, пасля чаго айцы разгарнулі яшчэ больш актыўную дзейнасць на Валыні, Холмшчыні і Палессі. Менавіта ў Ковельскай станіцы з 1931 года знаходзілася рэзідэнцыя ўладыкі Мікалая Чарнецкага, Апостальскага візітатара для каталікоў Усходняга абраду за межамі Галіцкай мітраполіі.

Бельгійскія настаяцелі разумелі, што для паспяховай місіянерскай працы сярод украінскага насельніцтва ім варта далучаць да працы ўкраінскіх святароў. У 1922 годзе яны адкрылі "малую семінарыю" (ювенат) для ўкраінскіх юнакоў, якія хацелі б у будучыні стаць рэдэмптарысцкімі місіянерамі. Семінарыя была размешчаная ў Збоісках - пасёлку паблізу Львова, дзе Мітрапаліт Шаптыцкі падарыў рэдэмптарыстам яшчэ адзін маёнтак, куды яны пераехалі з Унева ў 1919 г. У гэты час у Збоісках быў таксама навіцыят для тых, хто жадаў стаць рэдэмптарысцкім святаром або братам. Для працягу навучання пасля навіцыяту ўкраінскія рэдэмптарысты ехалі за мяжу, да Баплата або Лювену (Бельгія), аднак распрацоўвалі праект і свайго ўласнага студэнтату. Студэнтат адкрылі ў Збоісках у 1934 годзе. У 1936 годзе ён пераехаў да манастыра св. Альфонса ў Галоску Вялікім, каля 2 км ад Збоіскаў (гэта яшчэ адзін шчодры падарунак Мітрапаліта Андрэя, які ён зрабіў рэдэмптарыстам у 1926 годзе). Там семінарыя паспяхова дзейнічала і развівалася яшчэ пяць гадоў - аж да пачатку Другой сусветнай вайны.

Як вынік росту колькасці пакліканняў да Кангрэгацыі і пашырэння сеткі манастыроў ва Ўкраіне была створаная віцэправінцыя рэдэмптарыстаў усходняга абраду. Спачатку яе называлі па-рознаму: Русінскай, Бельгійска-русінскай, Галіцкай. У 1931 годзе, калі на зварот настаяцеляў і са згоды Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў да супольнасці рэдэмптарыстаў ва Ўкраіне далучылі таксама канадскія манастыры, з'явілася пытанне пра сталую назву для віцэправінцыі. На Генеральнай Капітуле ў 1936 годзе для віцэправінцыі прынялі назву "Львоўская".

У 1938 годзе - годзе "срэбнага юбілею" рэдэмптарыстаў ва Ўкраіне - Львоўская віцэправінцыя налічвала 6 манастыроў, 51 святара, 20 студэнтаў, 34 браты, 12 новікаў, 2 кандыдаты і 115 студэнтаў ювенату.

уверх


3. Перыяд пераследаванняў і падполля

У 1939 годзе Заходнюю Ўкраіну акупавала Чырвоная армія і пачаліся пераследаванні Ўкраінскай грэка-каталіцкай Царквы. Многіх свецкіх і царкоўных дзеячаў (сярод іх было і нямала рэдэмптарыстаў) арыштавалі і выслалі ў Сібір або замучылі. Семінарысты Львоўскай правінцыі КНА выехалі да Тухава (Польшча) і там працягвалі вучобу, аж пакуль Чырвоная армія, адступаючы перад нямецкаю навалаю, не пакінула Заходнюю Ўкраіну ў 1941 годзе. Становішча Царквы і рэдэмптарыстаў трохі палепшылася ў перыяд нямецкай акупацыі (айцам вярнулі канфіскаваныя манастыры і яны нават ізноў пачалі праводзіць місіі), аднак калі Чырвоная армія вярнулася ў 1944 годзе, пакуты Царквы аднавіліся з новай сілай. Камуністычныя спецслужбы спрабавалі прымусіць рэдэмптарыстаў перайсці да Расейскай Праваслаўнай Царквы, але тыя цвёрда стаялі на сваім. Як вынік, усіх рэдэмптарыстаў арыштавалі, некаторых з іх кінулі ў турму, а іншых выслалі ў Сібір. Там яны адбывалі доўгія тэрміны зняволення як ворагі савецкай дзяржавы. Пасля вызвалення са зняволення большасці з іх дазволілі вярнуцца ў Заходнюю Ўкраіну, але забаранілі займацца любой апостальскай дзейнасцю. У гады пераследавання рэдэмптарысты разам з іншым духавенствам УГКЦ далей неслі людзям святло Хрыстовай навукі і не давалі атэістычнай цемры ўзяць верх у іх душах. Субраты пераважна жылі па дваіх. Яны дакладна прытрымваліся Канстытуцый Кангрэгацыі і праводзілі свае духоўныя практыкі ў прыватных дамах. Айцы нястомна і дбайна працавалі з вернымі: арганізоўвалі Богаслужэнні ў зачыненых храмах, лясах і прыватных капліцах. У Правінцыі дзейнічала падпольная духоўная семінарыя, выкладчыкамі якой былі айцы Р. Бахталоўскі, П.Маік, Е. Пелех, П. Дмухоўскі, В. Міхайлюк і іншыя. Доўгі час абавязкі прэфекта студэнтаў і магістра навіцыяту выконвалі а. М. Лемішка, а. Е. Смаль, а. М. Вінніцкі. Уладыкі М. Чарнецкі, В. Велічкоўскі, Ф. Курчаба, В. Стэрнюк удзялялі падрыхтаваным і рэкамендаваным семінарыстам святарскія свячанні. З 1947 да 1990 гады протаігуменам Львоўскай Правінцыі ЧНА быў айцец (пазней біскуп) Філімон Курчаба; ён мае вялікія заслугі перад Кангрэгацыяй і Царквой. Правінцыя ўкраінскіх Рэдэмптарыстаў мае двух вызнаўцоў веры: Кір. Мікалая Чарнецкага і Кір. Васіля Велічкоўскага. Пра многіх іншых яшчэ павінна сказаць гісторыя.

уверх


4. Львоўская Правінцыя сёння
Пасля таго, як Госпад падарыў украінскаму народу волю, Львоўская правінцыя КНА разам з іншымі манаскімі задзіночаннямі пачала дамагацца вяртання ўласнасці, якой яна валодала да ўстанаўлення камуністычнага рэжыму. Гэтыя патрабаванні часткова задаволілі: рэдэмптарыстам былі вернутыя некаторыя з іх манастыроў і цэркваў. Сярод вернутых быў і манастыр св. Альфонса ў Галоска. Аднак рэдэмптарысты Львоўскай правінцыі разумелі, што нашмат важнейшым за аднаўленне матэрыяльных дабротаў Кангрэгацыі з'яўляецца фармаванне новага пакалення рэдэмптарыстаў - высокаадукаванага, добра навучанага і гатовага да самаадданай працы. Менавіта таму, працягваючы амаль векавую традыцыю, рэдэмптарысты вырашылі аднавіць манастыр у Галоска перадусім як дом фармавання.

Спачатку гэтае пачынанне выявілася вельмі цяжкім. Акрамя таго, што манастыр у Галоска, які ў камуністычныя часы быў інфекцыйнай лякарняй, патрабаваў поўнага рамонту, рэдэмптарыстам проста бракавала людзей. У першыя гады незалежнасці Ўкраіны многім грэка-каталіцкім парафіям Львова і рэгіёна не хапала духоўных праваднікоў, і гэты прагал запаўнялі рэдэмптарысты, спалучаючы працу на парафіях з намаганнямі па аднаўленні сваёй адукацыйнай сістэмы.

З-за гэтых цяжкасцяў, хоць афіцыйна студэнтат і навіцыят у Галоска адкрылі адразу пасля вяртання манастыра, мінула досыць шмат часу, пакуль ідэя ўласнага дому фармавання стала хоць бы часткова рэальнасцю. У 1992 годзе навіцыят перанеслі да горада Самбара на Львоўшчыне, а пазней да мястэчка Гняздзічаў, дзе ён знаходзіцца і дагэтуль. Адносна студэнтату, то ў выніку нездавальняльнага стану будынка і недахопу выкладчыкаў многія студэнты ў першыя гады былі вымушаныя вучыцца за мяжой (пераважна ў Польшчы, у семінарыі Варшаўскай Правінцыі)

Становішча змянілася ў 1997 годзе. З аднаго боку, патрэба ўласнага студэнтату стала асабліва неадкладнай, таму што менавіта ў тым годзе завяршыла вучобу ў навіцыяце вялікая група студэнтаў: паслаць іх усіх за мяжу было немагчыма. З іншага боку, пасля рамонту старога манастыра ў Галоска і будаўніцтва новага корпуса (праект ажыццёўлены пры шчодрым садзейнічанні заходніх дабрачынцаў) адкрыліся новыя магчымасці. 1-га верасня 1997 года быў адчынены Вышэйшы духоўны інстытут Львоўскай правінцыі КНА. 17 студэнтаў пачало вучобу па трохгадовай праграме філасофіі на базе ўласнай адукацыйнай установы Правінцыі - упершыню пасля больш як паўсотгадовага перапынку. Да 2000 года колькасць студэнтаў у семінарыі перавысіла 40. Навучанне багаслоўскім прадметам адбывалася ў семінарыі рэдэмптарыстаў Варшаўскай правінцыі ў Тухаве (Польшча). А з 2005 года студэнты Львоўскай правінцыі пачалі праходзіць філасофскае і багаслоўскае навучанне ў епархіяльнай Львоўскай духоўнай семінарыі Святога Духа. У 2009/2010 нав. г. у семінарыі навучаецца 19 рэдэмптарыстаў, 2 браты навучаюцца на вячэрніх катэхетычных курсах Львоўскай багаслоўскай академіі і 4 браты праходзяць пачатковую падрыхтоўку да семінарыі ў Вышэйшым духоўным інстытуце бл. Мікалая Чарнецкага Львоўскай Правінцыі КНА.

Асноўныя этапы працэсу фармацыі ў Львоўскай Правінцыі такія:
I.
Спрыянне пакліканню: - праз місіі, працу на парафіях і іншыя сродкі пашырэння інфармацыі.
II.
Навіцыят - 1 год 
ІІІ.
Навіцыят з навучаннем на падрыхтоўчым курсе - 1 год 
IV.
Навучанне філасофіі - 2 гады
V.
Навучанне багаслоўю- 3 гады
VІ.
Пастаянная фармацыя.

Да праграмы вучобы ў семінарыі ўваходзяць філасофскія і іншыя гуманітарныя дысцыпліны, а таксама класічныя і сучасныя мовы. Неад'емнай часткай фармавання будучых місіянераў з'яўляецца іх духоўны рост, паглыбленне перажывання і разумення імі рэдэмптарысцкай харызмы. Ужо падчас вучобы студэнты здабываюць місіянерскі досвед, прымаючы ўдзел у духоўным провадзе парафій і працуючы з моладдзю. Прысутнасць у доме фармавання старэйшых рэдэмптарыстаў дае магчымасць лепш перадаць новаму пакаленню веды па гісторыі, каштоўнасцях і багатых традыцыях Усходняга адгалінавання ЧНА.
Львоўская правінцыя ЧНА імкнецца абнавіць сваё жыццё. Практычным ажыццяўленнем гэтага аднаўлення з'яўляецца праца для Царквы: духоўная апека найболей пакінутых душ, апасталат у духу новай евангелізацыі - новай у сваім дбайным прысвячэнні, у спосабе выказвання і данясення да іншых таго, што прапаведнік сам "перажыў" з Хрыстом. Правінцыя намерваецца з Божым блаславеннем умацоўваць і навуковы грунт сваёй апостальскай працы. У прыватнасці, асабліва жаданым з'яўляецца стварэнне сумесна з Львоўскай Багаслоўскай Акадэміяй факультэта маральнага багаслоўя, які даў бы магчымасць злучыць навуковыя дасягненні Захаду з вялікай духоўнай спадчынай Усходу і стаў бы важкім унёскам Рэдэмптарыстаў ва ўкраінскую багаслоўскую навуку.

Мы, чальцы Львоўскай правінцыі КНА, молім нашага Госпада Ісуса Хрыста, Маці Божую Нястомнай Дапамогі і ўсіх святых нашай Кангрэгацыі дапамагчы нам у гэтым і іншых распачынаннях для славы Божага Імя, для росквіту Царквы і нашай Кангрэгацыі і для збаўлення людзей, асабліва ўбогіх і пакінутых.

уверх


5. Уладкаванне Правінцыі

Правінцыйная Рада

а. Ігар Каліснык - Протаігумен 

а. Яраслаў Федуніў - Правінцыйны вікарый

а. Мікола Бычок - Правінцыйны дараднік 

а.  Васіль Іваніў - Правінцыйны Дараднік 

а. Пятро Лаза - Правінцыйны дараднік 

а. Ігар Бязкосты - Правінцыйны дараднік 

а. Міхайла Іваняк - Правінцыйны дараднік 

а. Раман Лагіш - Правінцыйны Сакратар

а. Мікола Бычок - Правінцыйны Эканом

Вышэйшы духоўны інстытут бл. Мікалая Чарнецкага 

а. Яраслаў Фядуніў - Рэктар

а. Міхайла Іваняк - Прэфэкт студэнтаў

а. Ігар Бязкосты - Дырэктар студыяў

а. Багдан Памф'юк - Духоўнік 

уверх


Конструктор сайтов - uCoz