Сям'я рэдэмптарыстаў, акрамя мужчынскай Кангрэгацыі і сясцёр-місіянерак (якія існуюць ва Ўкраіне), мае таксама кантэмплятыўны жаночы Ордэн, які паўстаў у 1731 г., гэта значыць на год раней, чым Кангрэгацыя рэдэмптарыстаў. Яго заснавала с. Марыя Чалеста Крастароза, духоўнікам якой быў св. Альфонс.
Восем гадоў назад у Ордэн уступіла адна ўкраінка, с. Марыя Сліпчэнка. Спачатку сястра намервалася стаць рэдэмптарысткай-місіянеркай, супольнасць якіх як раз засноўвалася ў той час у Львове. Але пасля зразумела, што Бог кліча яе да іншага жыцця. Таму яна едзе ў кантэмплятыўны манастыр сясцёр-рэдэмптарыстак у Бельска-Бялай, Польшча, з верай, што калісьці вернецца назад ва Ўкраіну.
6 кастрычніка 2009 г. у манастыры св. Альфонса ў Львове адбылася сустрэча сястры Марыі з супольнасцю студэнтаў нашай Правінцыі. Сястра распавяла пра свой манастыр, а таксама адказала на пытанні братоў.
Манастыр сясцёр у Бельска-Бялай 29 верасня гэтага года святкаваў 20 гадоў свайго існавання. На сучасны момант супольнасць налічае 15 сясцёр. Акрамя таго заснаваныя яшчэ тры манастыра - адзін у Казахстане і два ў Славакіі.
Жыццё сясцёр праходзіць, як і ў кожным манастыры, у працы, малітве і адпачынку. Сёстры займаюцца перакладам кніг, рукадзеллем, іканапісам, маюць свой агарод. Асобны час адведзены для прыватнай вучобы. Кожная сястра займаецца абраным кірункам: патрыстыкай, біблістыкай і гэтак далей. На думку с. Марыі, кантэмплятыўны манастыр павінен быць месцам чыстай веры, дзе захоўваецца праўдзівая і жывая навука Царквы, і менавіта таму сёстры імкнуцца паглыбляць свае веды. На працягу дня ўся супольнасць некалькі разоў збіраецца разам на малітвы, акрамя таго манахіні маюць час на прыватную размову з Госпадам.
Найважнейшае месца, па словах с. Марыі, займае яднанне з Хрыстом у малітве. Шлях малітвы не з'яўляецца простым узыходжаннем з адной прыступкі на больш высокую, але патрабуе часам значных высілкаў, аднак прыносіць вялікі духоўны плён. Адзін з такіх пладоў - ласка вытрывання ў пакліканні. За дваццаць гадоў існавання супольнасці яе пакінула толькі адна сястра з часовымі зарокамі.
У сваім манастыры сёстры стала прымаюць людзей, якія прыходзяць да іх за духоўнымі парадамі, асабліва часта звяртаюцца з сямейнымі праблемамі. Па словах с. Марыі, місія сясцёр палягае не ў тым, каб вырашыць праблемы тых, хто да іх прыходзіць, а ў тым, каб выслухаць і падтрымаць чалавека, а часам - далікатна падвесці яго да сустрэчы са святаром.
Напрыканцы сустрэчы, якая доўжылася дзве гадзіны, с. Марыя пажадала братам быць празрыстымі, каб іншыя маглі ўбачыць у нас Хрыста, не закрываць Яго сабой, як казаў Ян Хрысціцель, "каб я змяншаўся, а Ён рос". Мы са свайго боку жадаем сястры, каб Госпад споўніў яе прагненне - заснаваць манастыр кантэмплятыўных рэдэмптарыстак ва Ўкраіне. Увогуле ж гэты Ордэн ужо ўвайшоў у гісторыю Ўкраінскай Царквы - у 1930-х гадах з Украіны да манастыра ў Бельгіі выехалі 22 сястры, адна з якіх жыве дагэтуль. Сястра Марыя чакае дзяўчат, якіх Бог кліча да Ордэна Найсвяцейшага Адкупіцеля.