З 18 да 25 красавіка 2010 г. у в. Лавачная Сколеўскага р-ну Львоўскай вобл. на парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы праходзіла парафіяльная місія. На запрашэнне а. Алега, параха гэтай вёскі, на місію прыбылі айцы і браты рэдэмптарысты і сёстры Кангрэгацыі св. Язэпа. Місія пачалася ў нядзелю ўвечары малебнам да Багародзіцы, пасля якога была прамоўлена ўступная місіянерская навука.
На працягу тыдня місіянеры працавалі на парафіі: наведвалі дзве мясцовыя школы і жыхароў вёскі, абвяшчалі Слова Божае, удзялялі сакраменты. Было вельмі шмат людзей да споведзі. Асаблівымі былі Аднаўленне хросных і шлюбных абяцанняў, бласлаўленне немаўлят, малітвы на аздараўленне і крыжовы ход па вуліцах вёскі.
У суботу падчас місіі была ўдзеленая Святая Тайна Шлюбу двум маладым парам, а ўвечары амаль уся вёска ўдзельнічала ў Святой Імшы за памерлых.
Пасля апошняй місіянерскай навукі ў нядзелю адбылося асвячэнне місіянерскага Крыжа і абыход з ім вакол царквы тры разы: першы круг Крыж неслі мужчыны, другі круг - жанчыны, а трэці - моладзь і дзеці. Пасля адбылося ўсталяванне місіянерскага Крыжа. Гэты «Вечны Місіянер» - місійны Крыж - будзе нагадваць час святой місіі, якую павінны далей распаўсюджваць жыхары в. Лавачная.