Чуючы вокліч "Хрыстос уваскрос!", мы напаўняемся радасцю, таму што гэтае прывітанне выказвае нашу Веру. Веру ў тое, што Госпад блізка да свайго народу. Ён перамог смерць сваім Уваскрасеннем, і ў Яго Уваскрасенні мы спаўняемся жыццём.
Гэтым Пасхальным прывітаннем выказваем таксама нашую Надзею, што Госпад, які "Сапраўды ўваскрос!", уваскрасіць і нас у апошні дзень. А спадзяваемася, бо верым і давяраем Яго Любові да нас, якою Ён даруе нам жыццё вечнае. Так у гэтым хрысціянскім прывітанні "Хрыстос уваскрос!" - "Сапраўды уваскрос!" аб'ядноўваюцца ў адно Вера, Надзея і Любоў, напаўняючы нас радасцю.
Дарагія браты і сёстры! Жадаем вам, каб Велікодны час напоўніў вас радасцю, радасцю простаю, чалавечаю, сагрэтаю вясновым сонцам і чалавечымі ўсмешкамі, радасцю, ўкаранёнай у нашай веры ў Хрыстова Уваскрасенне. Няхай гэтая вера будзе для ўсіх нас натхненнем да новага жыцця з Хрыстом! Жыцця, напоўненага Святым Духам! Жыцця, напоўненага любоўю нашага Нябеснага Айца!
|