Пяцёра рэдэмптарыстаў - прэфект студэнтаў а. Міхайла Іваняк, а. Антон Нікалаеў і браты Сцяпан Андрусышын, Зміцер Чарнель і Андрэй Качмар - прынялі ўдзел у святкаванні юбілею каранацыі Жыровіцкай іконы Найсвятой Багародзіцы, якое адбылося ў г. Слоніме Гродзенскай вобл.
Каранацыя Жыровіцкай іконы Божай Маці папскімі каронамі адбылася 280 гадоў таму, 19 верасня 1730 г. У XVIII ст. гэта было свята Нараджэння Багародзіцы па юліянскім календары. На той час было вядома тры выявы Жыровіцкай іконы Божай Маці, якія праславіліся цудамі: першая каменная, якая цудоўна з'явілася ў XV стагоддзі і была ў Жыровічах. Другая - ікона-фрэска з базылянскай царквы св. Сяргея і Вакха ў Рыме. Трэцяя (мастацкая копія другой) была напісана на палатне як копія рымскай іконы-фрэскі. Гэтая ікона і была каранаваны папскімі каронамі і зараз шануецца ў Слоніме (Беларусь), у касцёле св. Андрэя Ордэна капуцынаў. Гэта была першая каранацыя папскімі каронамі іконы Божай Маці, якая паходзіла з тэрыторыі сучаснай Беларусі.
На працягу стагоддзяў перад гэтай іконай маліліся грэка-каталікі (уніяты), рыма-каталікі, праваслаўныя. Паломнікі прыбывалі і прыбываюць з розных рэгіёнаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі.
З нагоды юбілею 19 верасня 2010 г. у Слоніме адбылося святкаванне, якое ўзначаліў Папскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Марцін Відавіч. Юбілей сабраў разам каталікоў двух абрадаў з розных краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Аўстрыі і Італіі. З Украіны, акрамя рэдэмптарыстаў, былі таксама базыляне і епархіяльныя святары.
Пачаў усё Акафіст да Жыровіцкай іконы Багародзіцы. Яго заспяваў грэка-каталіцкі хор з Мінска «Прасфара. Пасля гэтага адбылася Архіярэйская Літургія, якую адслужыў уладыка Тарас Сэнькіў, Апостальскі Адміністратар Стрыйскай епархіі УГКЦ, у саслужэнні Апостальскага Візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, рыма-каталіцкіх біскупаў Беларусі Аляксандра Кашкевіча і Уладзіслава Бліна, святароў бізантыйскага і рымскага абрадаў з Беларусі і Ўкраіны. На заканчэнне Святой Літургіі Папскі Нунцый арцыбіскуп Марцін Відавіч удзяліў усім блаславенне ад імя Святога Айца.
Пасля прывітальных слоў і зачытвання ліста ад прэфекта Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў кардынала Леанарда Сандры пачаўся абыход з іконай вакол храма. Ікону па чарзе неслі базыляне, капуцыны, рыма-каталіцкія і грэка-каталіцкія святары. Пасля апошняй стацыі перад уваходам у храм адбылося ўшанаванне іконы.
На заключэнне ўсіх паломнікаў і гасцей запрасілі на брацкую агапу.
|