Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля
Навіны
Меню сайта

Катэгорыі каталога
Навіны [75]
Навіны Львоўскай правінцыі Кангрэгацыі Найсвятога Адкупіцеля
Відэа [21]
Парафія МБНД [7]
Навіны парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску.
Анонс [0]
Пропаведзі [7]
БГКЦ [1]
Навіны Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы
Сусветная Царква [1]
Навіны Каталіцкай Царквы ў свеце.

Форма уваходу

Пошук

Сябры сайта



Онлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0
Вітаем Вас, Гость · RSS 04.12.2024, 10:59

Галоўная » Артыкулы » Навіны

Пілігрымка да адроджанай Царквы
nullПротаігумен Львоўскай правінцыі ЧНА а. Васіль Іваніў 22-26 студзеня ў 2009 г. наведаў парафіі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Візіт адбыўся па запрашэнні Апостальскага Візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека і быў прымеркаваны да ўшанавання памяці святых Пратулінскіх мучанікаў. У гэтай пілігрымцы айца-протоігумена суправаджалі браты Алег Чыхарыўскі, Ігар Паўлій, а таксама Антон Нікалаеў і Зміцер Чарнель, якія з'яўляюцца родам з Беларусі.

Першым пунктам пілігрымкі была парафія свв. апп. Пятра і Андрэя ў Брэсце. Акрамя парафіянаў, гасцей сустракалі архімандрыт Сяргей Гаек, парах а. Ігар Кандрацьеў і парафіяльная харызматычная супольнасць "Мараната". Увечары ў чацвер, 22 студзеня, у царкве была адслужана Святая Літургія, на якой адзначылі памяць Пратулінскіх мучанікаў, а таксама заспявалі частку акафісту да святых. Пасля Літургіі адбылася сустрэча протоігумена з парафіянамі, на якой а. Васіль сцісла распавёў прысутным пра гісторыю нашай Кангрэгацыі, пра яе дзейнасць ва Ўкраіне і адказаў на пытанні. 

23 студзеня наведалі ранейшы базылянскі манастыр у Жыровічах, які ў цяперашні час належыць праваслаўным, дзе пакланіліся Жыровіцкай іконе Багародзіцы, а таксама пасёлак Альбярцін каля Слоніма, у якім у міжваенным часе знаходзілася ўсходняя місія езуітаў, дзе часта бываў бл. Мікалай Чарнецкі. У гэты ж дзень адбылася сустрэча архімандрыта і протаігумена з біскупам Гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі Аляксандрам Кашкевічам, на якой прысутнічалі і іншыя браты, а таксама адміністратар гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот. Паколькі грэка-каталіцкая капліца ў Гродне вельмі малая, то Святую Літургію, якой ушаноўвалі памяць Пратулінскіх мучанікаў, адслужылі ўвечары ў капліцы рэдэмптарыстаў Варшаўскай правінцыі, пасля чаго ў памяшканні манастыра рэдэмптарыстаў адбылася сустрэча парафіянаў з протаігуменам. 

24 студзеня протаігумен прыбыў да Менску, дзе на парафіі св. Язэпа праходзіў дзень духоўнай адновы для панамароў Алтарнага брацтва Пратулінскіх мучанікаў. У Святой Літургіі прынялі ўдзел таксама архімандрыт Сяргей Гаек, протапрэзбітар Цэнтральна-Заходняга дэканату імя бл. Мікалая Чарнецкага, парах парафіі св. Язэпа а. Андрэй Абламейка, а. Пахом Кавалёў і а. Пётр Мартэн. Пасля Святой Літургіі айцец-протаігумен распавёў пра нашую Кангрэгацыю і адказаў на пытанні прысутных. 

У нядзелю, 25 студзеня, настаяцеля ўкраінскіх рэдэмптарыстаў сустракала парафія св. Язафата ў Полацку, на якой служыць а. Аляксандр Шаўцоў. У гэты дзень прыпала свята Рыгора Багаслова. Украінскія браты заспявалі ютрань украінскай мовай, пасля якой а. Васіль Іваніў, CSsR узначаліў Святую Літургію, якая таксама была ўкраінскай мовай з асобнымі часткамі на беларускай. Пасля службы, як звычайна, протаігумен распавёў аб служэнні ва Ўкраіне і адказаў на пытанні. Перад вяртаннем да Менску госці з Украіны наведалі полацкі Сафійскі сабор і пакланіліся мошчам вялебнай Еўфрасінні Полацкай, асветніцы Беларусі ў Свята-Еўфрасінеўскім праваслаўным манастыры, і акрамя таго наведалі з калядою дзве ўкраінскіх сям'і, якія жывуць у Полацку. 

Пілігрымка протаігумена закончылася ў Менску 26 студзеня на парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі. На працягу пілігрымкі ўкраінскі протаігумен і беларускі архімандрыт абмяркоўвалі таксама пытанні пра перспектывы адкрыцця манастыра рэдэмптарыстаў Львоўскай правінцыі ў Беларусі. Напрыканцы архімандрыт Сяргей Гаек ад імя Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы падзякаваў айцу-протаігумену за яго візіт і ўвагу, адзначыўшы вялікую важнасць гэтай падзеі для Беларусі, а а. Васіль Іваніў, CSsR падзякаваў архімандрыту за яго служэнне ў Беларусі. 

Наступная паездка протаігумена ў Беларусь запланаваная на лета 2009 г.






Крыніца: http://www.cssr.lviv.ua/news/2009/20090127_2.htm
Катэгорыя: Навіны | Дадаў: zmicier (28.01.2009) | Аўтар: Zmicier
Праглядаў: 1040 | Рэйтынг: 0.0/0 |
Разам каментароў: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Конструктор сайтов - uCoz