Абвешчаныя блаславёнымі ў 2001 г. Папаю Рымскім Янам Паўлам ІІ 27 украінскіх навамучанікаў, якія засведчылі вернасць Хрысту і Яго Царкве, не вычарпалі спіс усіх падзвіжнікаў, пацярпелых за ісціну ў часы пераследу. Наадварот, акт абвяшчэння заахвоціў да яшчэ больш старанных пошукаў звестак пра іншых сведкаў веры, вынікам чаго стала адкрыццё новых беатыфікацыйных працэсаў. Адным з тых, чый беатыфікацыйны працэс доўжыцца, з'яўляецца Слуга Божы брат-рэдэмптарыст Мар'ян Галан. 16 жніўня 2009 г. у манастыры св. Альфонса ў Львове адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма пра яго жыццё, знятага ТБ "Алілуя" з блаславення Протаігумена Львоўскай Правінцыі ЧНА а. Васіля Іваніва. Прадзюсар фільма - а. Іван Лявіцкі, ЧНА. Аўтар сцэнара і рэжысёр - Анатоль Цымбал. Фільм распавядае гісторыю жыцця брата Мар'яна, які пражыў 25 гадоў. Ролю Слугі Божага выконваюць Уладзімір Куйдыч, Андрэй Бучынскі і бр. Андрэй Качмар, ЧНА. Жывымі ўспамінамі дзеляцца родныя сёстры Мар'яна - Яраслава Джуман і Марыя Кулік, а таксама яго аднакласнікі з Ювенату рэдэмптарыстаў Міхась Шавель і а. Іван Казавік. У фільме выкарыстаныя дакументальныя матэрыялы з архіва Службы бяспекі Ўкраіны.
Cлуга Божы бр. Мар'ян Галан, ЧНА
Нарадзіўся ў 1927 г. у в. Жырыўка Пустамыціўскага раёну Львоўскай вобласці ў сям’і Мікалая і Марыі Галан. Акрамя яго, сям’я мела яшчэ чацвёра дочак. Бацька Мар'яна быў дзякам, і ад яго ён больш знаёміўся з рэлігійным жыццём. Пачатковую і няпоўную сярэднюю адукацыю атрымаў у роднай вёсцы. Быў здольным, сам намаляваў партрэт Шаўчэнка, пашыў кашулю, таму што - як успамінаюць родныя - вельмі хацеў яе мець. Па заканчэнні вучобы ў школе, у 1941 г. Мар'ян пачынае вучобу ў Малой Семінарыі-Ювенаце аа. Рэдэмптарыстаў, дзе ў той час адным з першых прафесараў быў а. Мікалай Чарнецкі. Яго таварыш па вучобе згадвае: "Мар'ян быў спакойны, ураўнаважаны, набожны, марыў застацца ў манастыры. Мы часта на гэтую тэму размаўлялі і яго штосьці цягнула туды". Па завяршэнні Ювенату, Мар'ян уступае да манастыра аа. Рэдэмптарыстаў у Львове, дзе настаяцелем у той час быў а. Іван Зятык. У 1944 г. ён склаў манаскія зарокі. Пасля псеўдасабору 1946 г. святароў УГКЦ, якія адмаўляліся пераходзіць да праваслаўнай царквы, чакалі арышты, турмы, высылкі на далёкі Сібір. Паколькі Мар'ян меў тады 19 гадоў, яго разам з іншымі манахамі накіравалі на ваенную службу, якую ён праходзіў у г. Уфа. Камандзір ваеннай часткі адзначае, што Галан "да заняткаў ставіўся добрасумленна, добра засвойваў праграмны матэрыял і быў аўтарытэтам сярод таварышаў". У 1949 г. за паспяховыя паводзіны ў войску Мар'яну далі водпуск, па заканчэнні якога, вяртаючыся да ваеннай часткі, ён атрымлівае ордэр на ператрус. Падчас ператрусу ў яго забіраюць кнігу св. Альфонса "Хай будзе Твая (Госпадзе) воля". Пасля гэтага, арыштаваны за "антысавецкую дзейнасць", якая, як аказалася, заключалася ў тым, што верыў у Бога, не хаваў гэта перад іншымі, насіў крыжык, быў моцна перакананы ў праўдзівасці Хрыстовага вучэння і Царквы, адмаўляўся ад уступу ў камсамол і іншых адгаворваў гэта рабіць, кажучы: "камсамольцы не вераць у Бога, а, паводле майго веравучэння, бязбожнасць з'яўляецца цяжкім грахом". На пытанне следчага, чаму ён вырашыў пайсці ў манастыр, адказаў: "Будучы рэлігійным чалавекам, я вырашыў прысвяціць усё сваё жыццё для служэння Богу, таму і стаў манахам". Быў асуджаны на 10 гадоў катаржных работ на перабудове Волга-Донскага каналу, дзе сярод цяжкіх умоў і здзекаванняў адышоў па нябесную узнагароду як пакутнік за Хрыста, якога так палюбіў, што ў 25 гадоў быў гатовы аддаць сваё жыццё за Яго. Не спалохаўся рознага роду катаванняў, не расплыўся ў бязбожным вайсковым асяроддзі, а сваім прыкладам паказаў, што адначасова можна добра выконваць службовыя абавязкі і быць верным Богу. Бр. Мар'ян быў і застанецца нібы тым "свяцільнікам, што гарыць і свеціць" (Ян. 5, 35), асабліва для маладога пакалення.