З 21 да 23 снежня 2012 г. на менскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай
Нястомнай Дапамогі адбыліся рекалекцыі перад святам Нараджэння Хрыстовага.
Праводзіў іх а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст.
Асноўная ўвага падчас духоўных навукаў была прысвечаная гісторыі збаўлення
людства – ад часоў Адама і Евы да звяршэння нашага Збаўлення Ісусам Хрыстом. Айцец
Зміцер падкрэсліў, што прычына адпадзення людства ад Бога, а разам з тым ад
вечнасці і шчасця, стаў сумнеў у святасці Божай волі і Божага закону, у выніку
чаго людзі адвярнуліся ад Божай волі і пачалі шукаць сваю волю. Аднак Бог у сваёй любові да нас не пакінуў свае стварэнні і Сам пачаў шлях
павяртання людзей туды, адкуль мы адпалі. Паказаўшы шляхі, якія не вядуць назад
у Валадарства Бога – шлях знішчэння зла ў сусветным патопе і аб’яўлення
маральнага закону абранаму народу, - Бог сам прыйшоў у свет, каб паказаць
людзям дарогу, якая вядзе да Яго, праўду, якую трэба прыняць, і жыццё, якім
трэба жыць. 23 снежня а. Зміцер таксама адслужыў сваю прыміцыйную Літургію і ўдзяліў
блаславенне ўсім вернікам. |